Зай І Яблынька

Адзвінелі каласы,
Адгулі дажынкі.
На самотныя лясы
Падаюць сняжынкі.

Сад ільдзінкамі прапах.
У гародзе пуста.
Адхрумсцела на зубах
Крохкая капуста.

Сівер джгне - вастрэй ляза,
Нібы сто іголак...
Невясёлы скача Зай
Ля асінак голых.

Каля кожнае сасны
Ліска точыць зубы.
А ў яго яшчэ з вясны
Шэранькая шуба.

Як ні глянь - з усіх бакоў
Ён відзён адразу.
Ад сабак ды ад ваўкоў
Лапы, знай, падмазвай.

І мяцеліцы вось-вось
Зашумець павінны.
На знаёмых сцежках ёсць
Толькі журавіны.

Стала Заю холадна.
Стала Заю голадна.

Ён хаваўся ў верасах
Ад вятроў і згубы.
І на колкіх маразах
Паліняла шуба.

Пасвятлеў пушысты хвост
Пасвятлелі вушы.
Зай ужо на поўны рост
Да паляны рушыў.

Адляжаўся у цішы-
І начной парою
Ласаваўся ад душы
Вербавай карою.

Пакруціўся там і тут -
Ля слядоў ласіных.
Маладзенькія растуць
Сосны і асіны.

І рашыў шчаслівы Зай:
Добры лёс удаўся,
Днём ляжы, не выбягай,
Ноччу - наядайся,

Слухай ціхі шум лясны,
Добра ведай сховы-
І дабудзеш да вясны
Ты жывы-здаровы.

Дзе там лепшае шукаць!
Трэба тут вясну чакаць...

Ды сарокі на хвасце
Чутку раз прынеслі,
Што салодкі сад расце
Блізенька, ля ўзлесся.

І пра гэта ж неўпапад
Цінькнулі сініцы...
І яму салодкі сад
Стаў упарта сніцца.

Толькі сцішыцца ля пня
І заплюшчыць вочы -
Як галінкамі вішняк
Смачна залапоча.

Толькі скруціцца ў клубок
І прыцісне вушы -
Як пачнуць калоць у бок
Яблыні і грушы.

"Кажуць, блізенька зусім
Сад той, за прыгоркам".
А яму кара асін,
Як палын, агоркла.

Небагатая зіма
Заю на прысмакі,
"Аніводнага няма,
Кажуць, там сабакі".

І хаця шаптаў, як смоўж,
Страх: "Там пасткі, мусіць",-
Ды не выцерпеў усё ж,
Здаўся Зай спакусе.

Выбраўся са сховы,
Збег у сад вясковы.

Ля дамашняга цяпла
Лапы грэў азяблыя.
Ажно слінка пацякла,
Як убачыў яблыні.

Ён зусім забыў на страх,
Скочыў што ёсць сілы,
Зубы навастрыў і - ах!
Яблыня... ўкусіла.

Зай агледзеўся, прыціх:
Ствол увесь абкручаны
Ад ялінак баравых
Лапкамі калючымі.

І не проста так, абы,
А ў чатыры столкі.
Тут адступіцца любы-
Колюцца ж іголкі.

Рушыў Зай далей, да груш
І да вішань тонкіх.
Ды калючкі зноў: -
Не руш. Пашкадуеш толькі.

Лепш бяжы сабе назад,
Покуль ноч над полем.
І зусім забудзь на сад,
А не то паколем...

Зай збянтэжаны прысеў
І не плача ледзьве.
Але раптам паміж дрэў
Яблыньку угледзеў.

Каля ўскраечку, адна,
3 тонкімі галінкамі.
І не ўкутана яна
Колкімі ялінкамі...

Вочы лапамі працёр -
Можа, сон-прынада?
Не. І месяц, як касцёр,
Паміж хмар, над садам.

Сэрца ў шчасці скача:
Ну, нарэшце ўдача.

Зай да яблынькі падбег,
Аглядае вецце.
А яна атрэсла снег,
Кажа: - Добры вечар.

Як у лесе, раскажы,
Шмат на елках шышак?..
Я тут змёрзла на мяжы,
Хочацца ў зацішак.

Зай бурчыць: - Няма калі
Сёння байкі баяць.
Лепш, чым мёрзлыя камлі
Яблынька любая.

Зай аббег яе наўкол,
Паглядзеў якая.
Змерыў хітрым вокам ствол,
Дзе пачаць, шукае.

Узмалілася тады
Яблынька: - Паслухай!
Не рабі ты мне бяды.
Зайка даўгавухі.

Ну чаму, Зай, не прыбег
Да мяне раней ты?
Я б натрэсла цэлы мех
Сакаўных ранетаў...

- Што тут доўга гаварыць
Заяц падступае.-
Мне звычайнае кары
Сёння не хапае.

А ласункаў і на зуб
Я не браў ніколі.
То сасонку пагрызу,
То таполю ў полі...

-Дык я тонкая зусім.
Што ж ты точыш зубы?..
Ты ані не пад'ясі,
А мяне загубіш.

Слухай, зайка, слухай, Зай,
Ты мяне не абгрызай...

Як ні сніўся смачны сад,
Але Зай тут здаўся,
Сплюнуў злосна і назад
Паміж дрэў падаўся.

Уздыхнуў сабе: -
Няхай Вырастае дужай.
І пачуў здалёку: - Зай!
Дзякуй табе, дружа!..

І гукнула ціха ўслед
Яблыня старая:
- Пачакай, пастой, сусед.
Слухай, што параю.

Як бы цяжка ні было,
Ведай, шчасце прыйдзе.
Не рабі ніколі зло
І слабых не крыўдзі.

Стрэсла з кроны серабро
Інею над Заем. -
Тых, хто робіць нам дабро,
Мы не забываем.

Ты нам добрым сябрам стаў...-
І да ног ягоных
Яблык з яблыні упаў,
Круглы і чырвоны.

Гэта самы дарагі,
Самы смачны з яблыкаў.
Мы яго убераглі
Ад сарок і зяблікаў.

Мы яго хавалі ўсе
На вяршыні самай,
Абмывалі у расе,
Хуталі лістамі.

Не знайшла яго зіма,
Не заўважыў вецер.
Саладзейхцага няма
Анідзе на свеце.

Яблык Зай шчаслівы ўзяў
Лапамі азяблымі,
Пакланіўся нізка Зай;
- Дзякую вам, яблыні.

Як бы цяжка ні было,
Знаю, шчасце прыйдзе.
Не зраблю нікому зло,
Вас не буду крыўдзіць.

А сяброўка ваша хай
Вырастае дужай...
- І пайшоў. І чуе: - Зай!
Будзь здаровы, дружа!

А як прыйдзе восень-
Зноў у госці просім!
Прыбягай, не забывай,
Добры Зай!

Г.Бураўкін 1973