Беларускія байкі

Альгерд Абуховіч
Ваўкалака
Старшына

Францішак Багушэвіч
Воўк і Авечка

Якуб Колас
(Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)
Пан і Рэчка
Мужык I Клёпкі
Пастух і Авечкі
Свіная Філясофія
Баба І Куры
Дуб І Кветкі
Конь І Сабака

Янка Купала
(Іван Дамінікавіч Луцэвіч)
Асёл І Навука
Ігнат І П'яўкі
Мікіта І Валы
Саха І Валы
Ястараб, Лісіца І Певень
Пчолы І Трутні
Селянін І Конь
Груган I Салавей
Асел I Яго Цень
Свінапас I Стрынатка

Ніна Тарас
Бусел і Варона

Максім Багдановіч
Варона і Чыж

Анатоль Дзаркач
Папавіла!

Кандрат Крапіва
Дзед і Баба
Дыпламаваны Баран

Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)
Жук і Сьлімак

Ніл Гілевіч
Жырафа і Цюлень

Васіль Маеўскі
Слон, Асёл і Долар



Эдуард Валасевіч
Пашляк

Міхась Гарнак
Сварка
Гусак I Качка

Анатоль Шаўня
Жаніх Сіваграк

Алесь Ставер
Буланы і Юлісь

 

 

 

 

 

 

 

 

Альгерд Абуховіч
1840-1905


ВАЎКАЛАКА

Чараўніца уракла:
Быў я колісь ваўкалакам,
Бегаў чортам ўздоўж сяла;
I к гавядам поўзаў ракам,
I людскую знаў гаворку,
I з сабакамі з надворку
Гаварыць я спосаб меў.
За гумном раз ціха сеў,
Ажно Лыска прыляцеў,—
Як на панскай службе стаў,
Па прыязні ён мне кажа:
«Кінь ты, куме, жытло ўражжа:
Цяпер марна прападаеш,
А ты ж гэткі спосаб знаеш:
Майму пану стань служыць,
Табе добра будзе быць».
«А ты дурню, думаў я:
Мне вярнуцца да сяла?
3 сваім панам і сялом
Задушыся ты калом,
Хоць галодзен — я свабодзен,
Гдзе мне цягне — там бягу,—
На свабодзе прападу,
А ў няволю — не пайду!
Буду вольным ваўкалакам,
Ты ж — на прывязі сабакам!»
1860-1861

 

 

 

СТАРШЫНА

Хоць які парадак дай,
Адно тое, братка, знай,
Што крутнёю ўсёй накруціш
I найлепшэ збаламуціш.
Льва-манарха Воўк прасіў,—
Каб вайтом яго зрабіў,
Бо Авечкі скрозь ў бязладдзі,
Вельмі шкодзяць ў панскім садзе,
Ды і самі прападаюць; Бо, як жыць, яны не знаюць.
I Ліса за ім прасіла
(Яе жонка Льва любіла),
Воўк з Лісіцаю звязаўся
I як можна так стараўся:
Дзе прасілі, дзе ўздыхнулі,
Дзе гасцінца падаткнулі,
Каб дабіцца да медалі.
I плацілі, і прасілі, і стагналі...
Леў прамовіў: «Ходзяць толкі,
Што Авец з'ядаюць Воўкі».
I сазваць сказаў народ
На звярыны вольны сход,
Паспытаць усіх звярат:
«Воўк ці добры, ці ён гад?»
Чыны важны ўсе прыйшлі,
Ўсё начальства тут было,
Ды прычыны не знайшлі,
Зла аб Воўку не чутно:
Пад судом ён, бач, не быў
I з начальствам добра жыў,
Дык медаль пан войт надзеў
На авечы цэльі хлеў.
А Авечкі што сказалі? —
Іх на сход зусім не звалі,
А ўпісана ў пратаколе,
Што «Авечкам дана воля».
1860-1861

 

 

 

Францішак Багушэвіч
1840-1900

 

ВОЎК І АВЕЧКА

Злаіў Воўк Ягнятка
І панёс жывое!
Плачуць сын і матка,
Як бабры, абое.
Воўк над маткай злітаваўся,
Як які аконам,
У аўчынку перабраўся
Ды ідзець з паклонам.
«Прыйшоў, — кажа, — я здалёчку
Разказаць пані Авечцы
Добру вестку аб сыночку, —
Як яму цяпер жывецца: —
Не пазнала б ты ні колі,
Такі стаў дасужы
І жывець сабе на волі,
Без бяды, без нужы.
Зубы вырасьлі з клыламі,
І адпалі рожкі.
Ножкі цяпер з кірцюрамі,
А хвост даўжэйшы трошкі.
І ўжо Воўка не баіцца,
Ў хлеў ніхто не гоне;
Мае чым абараніцца
І другіх бароне!
Прыдзі, імасць, да нас ў госці,
Справім сабе вечарынку:
Будзе мяса, будуць косці,
Будзем есць без адпачынку! " —
"Дзякуй, дзякуй, ягамосці,
За весці такія!
Няхай прыдзе сын у госці,
Пагляджу, ці вые?
Бо, кажуць, між вамі
Трэба выць ваўкамі.
Я ж па-воўчы не умею
Ні выць, ні есці, ні лгаць.
Ды скінь скуру, дабрадзею,
Бо зубкі відаць ".
————
Авечка, хоць дурная,
А воўка ж пазнае!
1891

 

 

 

 

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)
1882-1956


ПАН І РЭЧКА

Калі проці робіць будзеш
І зачэпіш закон божы,
Між людзямі ты нягожы,
Сам сабе ты напаскудзіш.

Быў праціўны пан на свеце:
Як упрэцца ён у чым,
Хоць сто баб туды зганеце,
Дык паставіць на сваім.
Ўздумаў рэчку пан спыніць,
Мужыкоў луг затапіць.
"Ой, нядобра, пане робіш!
Ці ж у пана нос прыбудзе,
Як мужык без хлеба будзе,
Як дабро яго затопіш?
Дый то, пане, чалавеку
Трудна рэчку утрымаць,
Ёй жа бог сказаў адвеку,
Дзе ваду сваю зліваць.
І цячэ яна, як знае,
Няхай пан ёй не мяшае! "
Не паслухаў: склікаў ўсіх ён батракоў,
Наваліў у рэчку дроў,
Зрабіў гатку, і не знайся,
І пайшоў сабе ён спаць.
Пане, пане! Прычынайся;
Стаў дождж гатку размываць!
Як усталі ўночы хмары!
Дождж, маланка, навальніца!
Бегаў пан, як на пажары,
І на гатку сеў, дурніца!
Аж народ з яго смяецца.
А вада калі напрэцца!
Зашумела, загуляла
І, як бура, загула, —
Гатку з панам разламала,
К чорту пана панясла!
1905

 

 

 

МУЖЫК I КЛЁПКІ

У мужыка была кадушка
Як надзіва
Служыла доўга, справядліва.
Прыйшла пара — згніла старушка:
Абруч рассохся, дно струхлела,—
Спакою, мусіць, захацела.
Мужык яе не шанаваў:
Яна ляжала
Дзе папала,
I дождж яе не раз змываў.
А клёпкі шчэ былі здаровы:
Уставіць дно, абруч даць новы —
Ізноў служыць яны гатовы.
I кажуць клёпкі мужыку:
— Хадзяін, помніш службу нашу?
У кадушкі сыпаў ты муку,
Ссыпаў авёс, муку на кашу...
Знімі ты з нас абруч трухлявы,
I дно устаў ты нам другое,
I выкінь к чорту круг дзіравы!
— Ды гэта бунт, ці што такое?!
Катора з вас тут зразумнела?
Абруч з іх зняць! Не ваша дзела!
Ды чорт вас потым пасартуе!
(ПІто больш крычыць, дык больш сярдуе.)
Кадушку сам мужык стаў ладзіць.
Узяў сякеру, клін дубовы,
Прынёс абруч ён, праўда, новы —
На абруч — абруч ён садзіць,
Каб потым дно дастаць смялей.
Абруч узгоніць —дна не выне,
Дно дастане — абруч скіне,
Ну, як мыш, ўспацеў Андрэй.
— Хадзяін! — клёпкі моляць,
— Клікні бондара сюды;
Годзе нас ты ўжо няволіць —
Б'еш абухам не туды.
Прыйшоў і бондар, смела ўзяўся...
— Памалу, рыла! Як ты б'еш?
Мужык на двор весь раскрычаўся:
— Нашто абруч ты дастаеш?!
I давай яны сварыцца.
Майстра вон прагнаў мужык.
Зноў давай ён сам трудзіцца —
К рабоце, блага, ён прывык.
Работа простая, здаецца,
А мужык над ёю б'ецца.
1905

 

 

 

 

ПАСТУХ I АВЕЧКІ

У пастуха было у стадзе
Большн за тысячу авец,
I трымаў ён іх ў аградзе,
Дзе рос адзін мох і сівец.

Авечкі часта галадалі,
Ягняткі дохлі маладыя.
Трыбухатыя, худыя
Авечкі ногі чуць цягалі.

А за парканам раслі травы,
Ішлі палі падрад у лавы,
Гай зялёны, лес чарнявы,
Рос і хвойнік маладнявы.

Авечкі ў дзіркі пазіралі
I слінкі, бедныя, глыталі.
Жыць далей так не стала сілы —
Трыбух сцягнула ім і жылы.

I што ж рабіць было ўжо стаду.
Вось бараны прыйшлі на раду.

Пабляялі тры гадзіны,
Трохі змялі сабе спіны
(Аж да бойкі тут дайшло).
А назаўтра, ўстаўшы рана,
Да свайго пайшлі Сцяпана
(Дзесяць штук усіх пайшло).
Сам пастух сядзеў у хаце,
Стрыг авечак, скуру дзёр,
Ды гуляў каля азёр,
I качаўся ў сенажаці.
Выйшаў ўперад, пакланіўся
Пастуху стары баран
I сказаў: «Вяльможны пан!
Ці на нас ты прагнявіўся,
Ці за што ты нас караеш,
Што ў загон нас заганяеш.
Б'юць падпаскі нас няшчадна,
Нас сабакамі шкуюць,
Дарма воўну нашу рвуць...»
Гаварыў ён доўга, складна,
Пастух слухаў усё да слова:
— Зробім,— кажа,— ўсё нанова:
Волю дам вам, небажаткі;
Будуць цешыцца ягняткі,
Вас не будуць болей біць,
Будзе што вам есці, піць...
Забляяла усё стада,
Скача з радасці грамада...
К пастуху прыйшлі падпаскі,
Сталі радзіцца яны,
Каб не страціць ў стадзе ласкі,
Каб маўчалі бараны.
Што ж, пусціць авец на волю?
Больш работы будзе ім:
Авец трудна пасвіць ў полі,
Як заманіш іх і чым?
Покі там яны судзілі,
Злосць напала на авец,
Бараны паркан пабілі,
Бачаць — кепскі тут канец.
Бягуць падпаекі, пастух з імі:
— Стойце, стойце! Усё дамо.
Скінем цяжкае ярмо.
— Эй, падпаскі! жэрдзе вымі!
Як пачула стада волю,
Дык давай гуляць па полю —
Па аўсе ды па ячмені.
Сціснуў палку пастух у жмені:
— Мы ж далі ім, што хацелі,
На зямлі ляжыць паркан,
А яны авёс паелі!
Кліч сабак сюды, Іван!

Як вам, хлопчыкі, здаецца:
Як я ў кадзь вады налью,
Клёпкі вон падастаю,
Дык вада ці астанецца?
1905

 

 

 

 

СВІНАЯ ФІЛЯСОФІЯ

— Суседка, Чушачка мая!
Што ад Рабушкі чула я!
Вось ліханька яму,
Лісту Дубоваму таму!
І ўсё ж ён, гад, як ёсць
Пра вашу мосць,
І пра мяне, і пра другіх распісвае ў газеце!
Як цяжка жыць на свеце!
Звярыны шавінізм, звярыная і злосць.
Ну, толькі б падкусіць, псякрэў яго псякосць!
Падумайце, які блазнец:
Тутэйшасць нашую асмейвае ўканец!
Шуміць, як той завнец,
Што вяне летам у пракосе.
Такую прыкрасць слухаць давялося!
Прывёў мяне ў такое абурэньне!..
Напішам хіба абвяржэньне?
— Суседка, мілая кума!
Такіх лістоў дубовых — цьма!
Калі зважаць на ўсю іх плявузготу,
То лепей ногі выпрастаць адразу каля плоту.
Але свіння, сапраўдная свіньня,
Ёсць перш за ўсё сурёзная жывёла.
Хватай кусок з-пад самага падола
І не зважай на крыкі варання —
Філосафам глядзі ты навакола,
І віду не кажы, што пішуць аб табе
І возяць палкаю па свінскаму гарбе —
Свіньня павінна быць свіннёю.
Хай лаюць, штурхаюць, таўкуць, —
Ёй гэта не абходзіць анічуць —
Абы па галаве не стукнулі даўбнёю.
1905

 

 

БАБА I КУРЫ

Падпечкам Баба кур дзяржала.
Прайшла зіма, вясна настала,—
Кудахчуць куры і сакочуць,
У дзверцы, бедныя, глядзяць.
А птушкі з выраю ляцяць;
На свет і куры нашы хочуць —
Чарвей і крошак пашукаць.
— Пусці ты, бабка, іх на волю! —
Суседкі кажуць Бабе той.—
Няхай пабегаюць па полі —
I цёпла ўжо, і мошак рой.
Падпечак Баба адчыніла
(А чапялу яна ўзяла).
Паверыў Певень — тыц ён рыла!
Па карку Баба так дала,
Што Пеўню вочы засланіла
I юха з Пеўня пацякла.
Пайшоў назад мой Певень збіты,
А куры хоць сабе й крычаць,
А ўсё за дзверцамі сядзяць,
Хоць тыя дзверцы і адкрыты.
1907

 

 

ДУБ I КВЕТКІ

3 гары на ніз скаціўся жолуд;
Ў зямлі найшоў сабе прыпынак
(Быдлячы след — яго будынак).
Сцярпеў ён першы зімні холад.
Прайшло дзесяткаў пяць гадоў,
Разросся дуб на удзіўленне —
Глыбока ўніз пусціў карэнне.
Ні жары, ні халадоў,—
Нічога дуб той не баяўся
I год ад году разрастаўся.
У месцы тым, дзе дуб разросся,
Ляталі пчолы, матылёчкі.
Ад кветак імпат так і нёсся,
Як зоркі, іх блішчалі вочкі:
Якіх тут кветак ні было!
Цвілі фіялкі там вясною,
Чабор, румянак паласою
Бялеў над маткаю зямлёю.
А дуб расце, штогод таўсцее,
Набок ён лапы раскідае
I кветкам сонца закрывае,
А без сонца кветка млее,
У цяні яна ссыхае.
Доўга думаў дуб сукаты,
Як бы з свету кветкі звесці,
Каб не гуў тут чмель пракляты,
Каб не бегалі дзяўчаты
Вянкі ў свята з кветак плесці,
Каб і песень не спявалі,
Каб і птушкі не ляталі,
Ды не дасць ён рады кветкам:
Хоць за дубам не растуць,
А за поўвертня цвітуць
I гуляць к сабе завуць —
Добра з імі малым дзеткам.
Над дубам вецер злітаваўся:
Нанёс туды ён палыну,
Чартапалоху, драсяну.
Палын, як бачыш, разрастаўся
I кветкі бедныя глушыў.
Але пад старасць дуб загніў,
Ў яго жрале вядуцца совы,
Ў карэннях вуж найшоў прыют...
I глуха, і дзіка стала тут,
I не чутно людское мовы.

У тым краю, дзе свету мала,
Заўсёды гэтак і бывала:
ПІто ў пользу людзям, то таўчэцца,
А паскудства застаецца.
1907

 

 

КОНЬ I САБАКА

Свабодны конь гуляў на волі,
I хвост, і грыву распусціў,
Іржаннем ён сваім будзіў
I лес стары, і чыста поле.

Убок прахожы стараніўся,
Яму дарогу уступаў.
Ад страху Рудзька прытуліўся
I толькі ціхенька брахаў.

Каня злавілі, прывязалі,
На вобруць, беднага, ўзялі,
Аборкай ногі абвілі
I борзды бег яго стрымалі.

3-за вугла вылазіць Рудзька:
— Гаў-гаў-гаў! — давай брахаць.
За хвост каня кусае цюцька —
Не адцягнуць, не адагнаць!

Малыя дзеці, што гулялі,
Дзівілісь многа і казалі
(Па дурнаце не разбіралі —
Дзіця малое, як ягня):
— А Рудзька дужшы за каня!
1907






Янка Купала(Іван Дамінікавіч Луцэвіч)
1882-1942


АСЁЛ I НАВУКА

Аслова невуцтва не раз
Служыла дурням за паказ; —
Дык вось нарэшце узялі
Асла ў навуку аддалі
I сталі ўчыць яго чытаць,—
Вучылі нават і пісаць.
Асёл так шчыра ўчыцца ўмеў,
Што кніжкі ўсе, як сена, з'еў
I столькі гзтым скарыстаў,
Што горш убоістым ён стаў!..

Людзям ёсць тут такі прымер
(Ёсць людзі на быдля манер):
Хоць колькі ні вучы асла,
Аслом ён будзе да канца!..
1908

 

 

ІГНАТ I П'ЯЎКІ

Лет шмат
Таму назад
Ігнат
Гарачынёй, здаецца,
Купаўся ў рэчцы.
I, як на грэх,
(Бадай, што заяц,
Паганец,
Сцежку перабег),
К адной з дзвюх ног
Прынадзіў п'явак трох.
Прыліплі, цягнуць, як мага,
Аж сохне, корчыцца нага.
Бяда! Ўжо кінуўся і сяк, і так,
Заціснуўшы кулак,
Да іхняй скуры небарак —
Яны ж каб дбалі:
Смокчуць далей!..
«Э, годзе, кіньце ўжо даіць, сястрыцы,
Ці мала вам сваёй вадзіцы? —
I смех, і грэх, і стыд, скажу я,
Смактаці кроў чужую!» —
Так ім навучана ён талкуе,
I ў той жа час
(Не першы п'яўкам, відна, раз)
Пачуў адказ:
«Мае суседкі вінаваты»,—
Кіўнула з іх адна Ігнату,
Як ёсць уся ў бліскучых латах,
I пацягнула цёплы смок,
Аж колька ў крук згібала бок.
«Не мне, а гэным дзвюм крывёй
Жыць хочацца чужой»,—
Пачуў ён ад другой
Таўстой, таўстой,
Ды сёрб, ад першае ямчэй,
Даць мусіў з жыліны сваей.
«Я? я так толькі, з дабраты,
А вось за тых вазьміся ты!» —
3 чароду трэцяя хлюснула,
Найболей кемнага агулу,
I смагла, смагла смактанула...

Што далей там было,—
Да байкі не дайшло.
П'яўкі ж (ой, чорт недзе рад!),
Хоць дзён сышло — праходзіць шмат,
Жывуць як бы ні ў чым,—
А толькі, як даць раду ім,
Варожа ўсё Ігнат!..
1909







МІКІТА I ВАЛЫ

Ці, летась, ці залетась, тут ці там —
Штось мне няўцям,
Ляшыў Мікіта
Жыта.
I, як на злосць, яму адну
Валы скрывілі баразну.
Вось ён і стаў (хоць добра йшлі ўсё лета)
Ім выгаварываці гэта:
«Я вас,— так кажа,— як магу
I сцерагу,
Сам недасплю,
А вас кармлю:
Трасяначкай зімою,
Улетку траўкай лугавою,
Штодня вадзіцы
Даю з крыніцы.
А вы што мне? — Бязбожна
Крыўляеце барозны,
Хоць і няможна
Ўсё такое»...
Валы пад тое:
«Мы б мо і не крыўлялі,
Каб павадоў, ярма і пуг не зналі».
1910





САХА I ВАЛЫ
1910

«Я цэлы свет кармлю сабой,
Хоць век сама худой»,—
Так Саха хвалілася Валам,
Што ярмом
Яе цягнулі неяк днём.
«Напрасна імасць так гамоне,—
Валы яе спынілі,—
Каб мы цябе не валачылі,
Гніла б ты ў лесе і сягоння».



ЯСТРАБ, ЛІСІЦА I ПЕВЕНЬ

Неяк, стрэўшыся няўмысне,
Ястраб і лісіца з пеўнем
Пачалі яго прасіці,
Каб быў ласкаў ды што спеў ім.
— Ты,— так кажуць,— як мы чулі,
Маеш голас, бы жалейку;
Дык запей нам — мы заплацім,
Не паскупімся капейкай!
Певень выслухаў дый кажа;
Як прыстала ў яго стане:
— Ўсё гатоў вам спець, паночкі,
Нават... «вечна спачыванне!».
1913



ПЧОЛЫ I ТРУТНІ

Стаў даводзіць селяніну
Нехта нейкі ў чорным:
Як павінен быці ўслужным,
Згодлівым, пакорным.
— Бо і пчолы,— кажа ў чорным,—
Мёд гадуюць кветкі,
Ў згодзе з пчолкамі і трутні
П'юць той мёд, як дзеткі.
А сялянін тут пад тое
Буркнуў запытанне:
— Ну, а хто пчала, хто труцень —
Я ці ты, васпане?
1913


СЕЛЯНІН I КОНЬ

Пад гарою ў селяніна
Конь прыстаў дарэшты:
Бедны змучыўся, ні з месца,
Хоць яго зарэж ты!
Селянін ужо і ласкай:
«Но! Цягні, вашэця!
Бо інакш напішуць брыдка
Аб табе ў газеце...»
А яму конь: «Няхай пішуць,
Раз такой натуры,
Адно ты пакінь пісаці
На маёй жа скуры!»
1913





ГРУГАН I САЛАВЕЙ

Груган, сустрэўшы Салаўя,
3 сваяцтвам лезці стаў к таму:
«Ты ж родны мне, як бачу я,—
Хадзі ж, як брата абдыму!
У нас з табой адзін фасон —
Як глюгі, крыллі і насы,
Птушына ў нас быццё і сон,
Птушыны маем галасы.
Дык што ж нам жыць так па сабе?
Прытом табою не гарджу,
Хоць я шмат большы ад цябе
I ў чорнай вопратцы хаджу».
«О, вельмі дзякую за чэсць! —
Адпеў Салоўка з-пад палян.—
Мо ў нас аднолькава і шэрсць,
А ўсё ж такі ты, брат,— груган!»
1914




АСЕЛ I ЯГО ЦЕНЬ

Асёл, убачыўшы ў вадзе
У крынічнай свой асліны цень,
Здзівіўся, стаў, далей не йдзе,
Глядзіць ды думае, як пень.
Які тут чорт намаляваў
Мяне інакшым, як я ёсць?
Такія вушы падаваў,
Так пакрывіў на спіне косць!
I, каб сябе не аглядаць
Ды разагнаць сваю нуду,
Ён капытом давай мяшаць
3 гразёю чыстую ваду.
1914




СВІНАПАС I СТРЫНАТКА

Свінапас, злавіўшы здрадна
У сіло стрынатку,
Стаў чытаці ёй маралы —
(Меў таку ўжо ўхватку).
«Ты, пяюшка,— так ён кажа,-
Сорам мей і ўвагу:
Шмат не пей, не пей і мала,
Не дай з клеткі цягу!
Аб маім пастырскім чыне
Нат не думай брыдка,
А тым болей — мей шацунак
Над маёю світкай».
А стрынатка: «Ягамосцю!
Чым ты — знаю болей,
Дык пакінь свае маралы,
Мне дай толькі волю!»
1914



Максім Багдановіч
1891-1917



ВАРОНА І ЧЫЖ

Прыгода гэтая не так даўно была.
К Чыжу (а сілы ён, як ведама, не мае)
Варона падступае:
— Скажы, ці я падобна да Арла?
Тут бачыць Чыж — з Варонаю не жарты,
А ўласны хахалок чаго-небудзь ды варты.
— Зусім Арол, — адказвае Чыж
Вароне клятай з клёна.
— Ну то ж бо то! Глядзі ж! —
З ласкаваю гразьбою пракаркала Варона
І паляцела стуль далей.
Ўсё тое бачачы, здзівіўся Верабей:
— Браток! Ці ж ты вачэй не маеш?..
Чыж, засаромеўшыся, так пачаў казаць:
— Я гэтым не зрабіў благога.
Дай бог Арла Варонай не называць;
Варону жа Арлом — нічога.
1915




Анатоль Дзаркач (Анатоль Рыгоравіч Зіміёнка)
1887-1937


ПАПРАВІЛА!
Праўдзівае здарэньне каля помніка Аляксандру II

Не цяпер — яшчэ Мікола
Быў царом, калі Сысой
Ў Мінск прывёз на продаж кола
І жанчыну ўзяў з сабой...

Ён хацеў саёй Альжбеце
Лад тутэйшы паказаць,
Бо не здарылась кабеце
За Паперню й кропку даць.

Зразу ім пашанцавала:
На Траецкай на гары
З возу ўсё і як папала —
Расхапалі гандляры...

Ўзяў Сысой наш паўкватэркі,
Кумпяка кавалак спёр
І каня свайго да Бэркі
Пастаяць завёў на двор.

Стуль, узяўшы ў рукі палку,
Што ляжала каля дроў,
У касьцёл цераз "Брахалку "
Ён кабеціну павёў...

Выйшла так у гэты тыдзень,
Як на хату камінар,
Ўжо залез на камень злыдзень —
Аляксандар-гасудар...

Мой Сысой ў вярсце без мілі
Не пазнаў — і жонцы — бразь!
"Вось дык пудала зрабілі,
Каб яго заела гразь! "

Скуль узяўся — як на тое —
Крук, апрануты ў шынэль,
І адразу — хап Сасоя
Кіпцюрамі за каршэль!

Дый крычыць ў абедзьве храпы:
"Што? На катаргу пара?
Як ты сьмееш, сівалапы,
Зьневажаць свайго цара?"

Жонка бачыць, што не сьмешкі,
Посьле будзе — хоць трубі!
І давай парсіць у плешкі:
"Мой паночак! Не губі!

Бачыш сам — якая справа:
Ён з нямудрай стараны
І ў дадатак, як халява
З бога старага, дурны!

Бо на мне — якое дзела?
Хай бы каменем ён стаў
І таму б ў кішках засела,
Хто яго тут збудаваў!

А яго язык — завала! —
Як той хвост у барана,
Колькі раз яму казала:
Не чапай, Сысой, г...а!"
1912


Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч)
Нар. 1896


ДЫПЛАМАВАНЫ БАРАН

Ў адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая,
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога,
І вось за дурасьць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на сьмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету:
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за "дыплом ", Баран — ні "мя ", ні "бэ ",
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
І не раўнуйся ты са мною.
— Аб гэтым лепей памаўчы, —
Сказала яму Кошка. —
Каб ты разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
——————
Другі баран — ні "бэ ", ні "мя ",
А любіць гучнае імя.
1926


ДЗЕД І БАБА

Ехаў Дзедка на кірмаш,
З ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:

Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая – сем пудоў,
Сама меней, важыць.

Пад узгорак або ў гразь —
Конь на сілу возьме.
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.

Што ж, каню другі гадок,
Дык яна - за білы
Ды нагамі ў перадок
Пхне, як мае сілы.

— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа.—
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.

— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае.—
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.

Потым — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс, —
Дзе ўзяліся й ногі.

——————

Ва ўстановах часам ёсьць
Вось такія ж "бабы " :
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.

Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце:
— Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
1925



Ніл Гілевіч


ЖЫРАФА І ЦЮЛЕНЬ
(Тыповая сучасная байка)

Аднойчы, неяк раз,
Цюлень з Жырафай падружыўся
І пабажыўся,
Што халасцяк і хоча з ёй ажаніцца.
Жырафа ж, — ведама, дурніца—
Цюленя ў хату прыняла,
Паіла,
І карміла,
І ключ ад шафы аддала.
Прыйшла дадому ўвечары Жырафа,—
Цюленя след прастыў,
І... што? —
Пустая шафа!
————
Мараль? Яна заўсёдачкі ў запасе,
Пішу яе я ўласнаручна:
Трымайце грошыкі ў ашчаднай касе —
Надзейна, выгадна і зручна!
1963

 

 



 

 

 

 
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)

 

ЖУК І СЬЛІМАК

Прыгожым летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся Жук аднойчы
З рагатым Сьлімаком.

— Здарова! — Жук вітае.—
Куды, браток, ідзеш
І з ракавіну хатку
Нашто з сабой нясеш?

Абцёр Сьлімак пот з твару,
Гаворыць так Жуку:
— Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку.

То сьпёка, та марозы,
Вятрыска або дождж,
То часам у дарозе
Захопіць раптам ноч,—

Шукай тады начлегу
Пад нейкім там кустом...—
Гавораць яны гэтак
Ды чуюць: грымнуў гром!

Ударыў дождж краплісты,
І Жук пабег шукаць
Дзе ў засені цяністай
Шырокага лістка,

Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе.
І мокры, ледзь жывы ён
Да Сьлімака брыдзе.

— Пусьці, браток, пагрэцца.
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.

У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
І нават дождж краплісты
Не можа іх дастаць.

Але мінулі хмары,
І сонца ўстала зноў,
Жук хату Сьлімакову
Пакінуў і пайшоў.

Забыўся пра нягоды,
І не на ўме Жуку,
Што абяцаў паднесьці
Ён хатку Сьлімаку.
1950

 

 

 

Ніна Тарас

 

БУСЕЛ І ВАРОНА

Вясной, на верхавіне клёна, пры гумне,
На баране,
Вазіўся Бусел і з галля і траў
Гняздо звіваў.
Адкуль вазьміся тут Варона,
Уселася і каркнула: — Крра-а! Крра-а!
На белым свеце не відаць дабра!
І дзе тыя законы?
Чым заслужыў ты, Бусел, дапамогі?
Вунь Гаспадар
Табе падрыхтаваў зайздросную сустрэчу,
Нібы між птушак ты якісьці цар,
Сам барану, ускінуўшы на плечы,
На вершаліну клёна завалок,
Каб ты, вярнуўшыся з-за мора,
З гняздом не ведаў гора!
А нас, Варон,
Ён заўсягды ад хаты
Гоніць вон,
Нібы мы не з такіх, як ты, крылатых...
Тут Бусел дзюбу дагары задраў,
Стаў на адной назе, праклекатаў:
— За тое нас шануе
Чалавек,
Што мы увесь бусьліны век
Жытло яго пільнуем,
Знішчаем розных гадаў...
А ад цябе карысьці ніякой няма,
Сцягнуць што-небудзь толькі рада...
І вэрхал узнімаеш ты дарма!
——————
Працуюць людзі дбала і натхнённа,
У кожнага здабытак ёсць і плён,
Ды сустракаюцца гарластыя Вароны —
Карысці не даюць, а узнімаюць звон!
1962

 

 

 

 

 

Васіль Маеўскі

 

СЛОН, АСЁЛ І ДОЛАР

Спрачаліся аднойчы Слон з Аслом
(Аж калаціўся Белы Дом!).
Жыццёвую праблему вырашалі:
Хто больш сваіх партыйных прэтэндэнтаў
Прывёў за ўсе гады у крэсла прэзідэнта,
Што узвышаецца ў Авальнай зале.
— Маіх прадстаўнікоў шануюць там здавён, —
Нібы трамбон,
Гудзе шалёна Слон. —
Бо я, сам бачыш, за цябе дужэйшы...
— А я, ніхто не стане аспрачаць,—
Затое разумнейшы! —
Асёл пачаў крычаць. —
І пасланцоў маіх нямала
Там перабывала!
— Ха-ха! разумнік лапавухі!
— Га-га! Асілак таўстабрухі!
Па Белым Доме ляскатала рэха.
Ды раптам: — Ваша спрэчка варта смеху:
Ні найдужэйшы,
Ні найразумнейшы
Ні колі б і не пабывалі
У той Авальнай зале,
Калі б не я, — ўмяшаўся Долар. —
Бо сіла ўся ў капітале!
Так і закончыў той "форум " ...
———
І Долар мае рацыю:
Трымаецца на ім у ЗША ўся "дэмакратыя".
1983

 

 

 

 

 

Эдуард Валасевіч

 

ПАШЛЯК

Не пешшу на кірмаш
За кропам,
А, бач, на караблі вакол Еўропы
Дзяцюк адправіўся ў ваяж!
Наведаў Рым, Венецыю, ў гандоле пракаціўся,
Вінца ў Афінах выпіў,
А ў Парыжы вустрыцамі закусіў,
І Амстэрдам, і Лондан скалясіў...
Нарэшце ў вёску заявіўся!
— Ну як? — сябры распытваць пачалі. —
Уражаньняў цікавых нахапаўся ты багата?
Ці хутка дагіне капіталізм пракляты?
Ці бачыў Калізей? І Елісейскія Палі?
Сабор Парыжскай Божай Маці?
Булонскі Лес?
— Ды што вы, браце!
Чаго б туды я лез?
Што там я страціў?
Падумаеш мне, Калізей і лес Булонскі!
Руін не бачыў? Ў лесе я не жыў?
Вось я часопіс падчапіў —
Якія здымкі! Бок японскі...
Чувіхі — камільфо! Ма-лін-ка!
Разанчыкі! Амурчыкі! Мімозы!
А позы!
Зірнеш — цячэ адразу слінка...
Вось гэта дзевы!
Смак!
Ім пазайздросьціць і прамаці Ева...
——————
Што зробіш? Езьдзіў за мяжу пашляк.
1965




Алесь Ставер

БУЛАНЫ I ЮЛІСЬ

Зямны абшар Праменні сонца палівалі.
Калгаснікі папар
Ад рання талакой аралі...
Ва ўсіх плугі і коні - без заган,
I збруя добра падагнана.
Аруць умела і старанна,
Выконваюць свой гаспадарчы план.
Але у Юліся Буланы Не йдзе як след па краю цаліны:
То ўбок паверне,
То цягне плуг нераўнамерна
Ці пераскочыць дзве-тры баразны,
Паказваючы свой тут нораў...
- 3 табой адно мне гора! -
Прамовіў Гаспадар у абурэнні,-
Маё ўжо лопнула цярпенне...
I пугаю Буланага перацягнуў!
Той заіржаў: - Цягнуць я добра стану,
Як промні сонца звянуць.
Не бі! Я прызнаю віну!..
...Садзіцца сонейка за елку,
Ну а з Буланага ўсё мала толку...
Араты кожны зарабіў, напрацаваўся,
А Юлісь змучыўся і толькі назлаваўся.
Другі і абяцае, справіцца клянецца,
Але да спраў халодным астаецца.
1966

 

 


Міхась Гарнак

 

СВАРКА

Два Ваські, два Каты,
Стары і малады, На складзе збожжа вартавалі.
I так удвух Мышэй ганялі,
Што хутка знік апошні злодзей,
Бо працавалі ў дружбе, згодзе.
Ды неяк мяўкнуў малады:
- Больш за цябе лаўлю Мышэй...
Стары ў адказ: - Ну-ну, цішэй!
Паўгода, як прыйшоў сюды,
А задзіраеш нос... Малакасос!
I з гэтае пары, Як толькі ўдвух збяруцца,
То сварацца, то б'юцца, У ход пусціўшы зубы, кіпцюры.
Ідуць штодзённа звадкі, А Мышы зноў ядуць зярняткі.
1961

 

 

 

Анатоль Шаўня

 

ЖАНІХ СІВАГРАК

Убачыўшы Жаўну ў міні-спадніцы,
Стары ўзгарэўся Сіваграк:
- Ну й маладзіца!
Смак! Вось як бы да яе мне паджаніцца...
I, каб набіць сабе цану, Пачаў хваліць свой гарнітур замежны:
- На камізэлечку зірні адну, Хто мае гэткую з нас, птушак грэшных?
А джынсавыя, глянь, штаны?! А вось кішэні! А ў кішэнях штось шапоча...
Калі Жаўна захоча -
Усё гэна будзе для Жаўны...
- Ты што? Мяне штанамі ўздумаў спакусіць? -
Жаўна зарагатала.-
Штаноў адных тут мала!
Павінен ты на дзюбе зарубіць:
Каб заляцацца,
Любы мой,
Патрэбна не штанамі выхваляцца, А галавой!
1982

 

 

Міхась Гарнак

 

ГУСАК I КАЧКА

На птушніку страшэнны шум узняўся,
Бо колькі дзён таму назад
Гусак пакінуў Гуску, Гусянят
I жыць да Качкі перабраўся.
Усіх узрушыў гэты факт:
- Гусак распуснік хлёсткі!
- Але ж і Качка шалахвостка!
- I сапраўды, калі па праўдзе разважаць,
Яна больш вінавата,
Бо знала, што Гусак жанаты!..
- А як жа! Ведала, што ёсць і дзеткі!
Тут Певень голас з седала ладаў:
- Ша! Вось раскудахталіся дзе, суседкі!
А ці ж не бачылі - за Гускаю Індык як улягаў?..
I да яго яна хілілася таксама...
Каго ж вініць? Каго ж караць?
Распуста гэта альбо драма?..
Мы Пеўня хочам падтрымаць:
Жыццё сямейнае, каханне -
Складанае пытанне.
I рызыкоўна з вывадамі суб'ектыўнымі спяшаць.
1974